НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)